'Belarus Азімут-шоў 2002
19 жніўня 2002
Галоўная | Навіны | Бібліятэка | Рэйтынг | Каляндар | Вынікі | Гасцёўна | Ад аўтара

Андрэй Якаўлеў

Азімут-шоў 2002

На беразе чароўнага Чыгірынскага вадасховішча (былы прэм'ер-міністр М.Чыгір не мае да яго стварэння ніякага дачынення) з 16 па 18 жніўня адбылося сапраўднае шоў. Мне асабіста шкада тых, хто па нейкіх прычынах не змог даехаць на Азімут-2002 - яны многае згубілі.

Зрэшты на сёняшні дзень спаборніцтваў такога кшталту ў Беларусі я не бачыў. Спрабавалі нешта раней рабіць на 1 красавіка, але такога размаху не было.

Начное арыентаванне

Яно распачалося адразу ўвечары ў пятніцу. Не ўсе паспелі на яго своечасова - некаторыя прыязжалі літаральна за хвіліну да старта і ў гэтай мітусні далучаліся да ўжо чакаўшых старту, некаторыя добра спазняліся і стартавалі пазней. Характэрная асаблівасць - палова ўдзельнікаў стартавала без ліхтарыкаў, але, на дзіва, ў лесе ніхто не згубіўся і "ліхтар" пад вока не злавіў...

Неафіцыйныя вытрымкі з вынікаў:
1. Языкоў Леанід 46.48, 9 КП
2. Чыж Міхаіл 50.43, 9КП
3. Еўсікаў Андрэй 55.08, 8 КП
4. Кухто Пётр
5. Федарышкін Вячаслаў 61.29, 5(4) КП
6. Якаўлеў Андрэй 61.29, 5(4) КП
7. Кубаркоў Андрэй 61.47, 5(4) КП
8. Наўмаў Дзмітрый 61.50, 5(4) КП і іншыя

Арыентаванне па-чорнаму

Тут ужо стартавала нашмат больш народу. Некаторыя проста пабаяліся напядадні стартаваць з-за цемры і адсутнасці ліхтарыкаў, некаторыя прыехалі толькі раніцай. Быў і кур'ёзны выпадак - адзін з арыентыроўшчыкаў проста не даехаў на веласіпедзе і заначаваў у лесе. Уявіце сабе яго здзіўленне - калі ён прачнуўся, то ўбачыў каля сабе пікет з начнога старту - высветлілася, што ён не даехаў 800 метраў да базы. Само арыентаванне па Чорнаму было добра прадумана і аказалася запамянальным - тут былі і заплывы, і забегі (да шостага КП і з яго на сёмы трэба было бегчы больш за 4 км), і пераходы праз балоты (парадавала тое, што дно балот выслана заіленым пяском, а не багнай там нейкай). Была заданка, але пікеты можна было прапускаць пры ўмове, што да іх больш нельга вярнуцца.

Зноў прыводзім скарочанныя неафіцыйныя вынікі:
1. Кухто Пётр 52.20 10 КП
2. Званцоў Ігар 53.26 10 КП
3. Кубаркоў Андрэй 54.19 10 КП
4. Федарышкін Вячаслаў 56.36 10 КП
5. Якаўлеў Андрэй 56.37 10 КП і іншыя
Спецпрыз: Наталевіч Вячаслаў 58.35 6 КП - узяў КП №6 і ўлажыўся ў кантрольны час.
Узнагароджвалі таксама удзельніка, які заняў месца № 13 у арыентаванні па чорнаму.

1. Бяцкоўская Іна 56.01 9 КП
2. Зецева Алеся 60.03 8 КП
3. Варыгіна Святлана 60.07 8 КП

Арыентаванне на машынах

Спецыяльна да аўтараллі І.Зайцавым былі распрацаваны дадатковыя знакі да стандартаў ІОФ. Сярод тых знакаў - рух абмежаваны хуткасцю 5-10 км/г, рух абмежаваны хуткасцю да 40 км/г, без абмежавання (!?), для танкаў. Ніхто нікога не збіў, машыны на фініш вярнуліся без бачных паломак.

Вынікі (неафіцыйныя):
1. Званцоў 32.10
2. Наталевіч 33.35
3. Васнеўскі 36.36
4. Лугаўцоў 45.51
5. Харчанка 49.49 - загразлі

Арыентаванне на веласіпедах

Карта малявалася па "Чорнаму". Арганізатары загаддзя папярэджвалі ўдзельнікаў, што часам сустракаюцца кракадзілы і сабакі. Веласіпедаў было няшмат (4 ці 5), таму стартавалі ў 3 этапы. Старт быў стадны - гэта значыць агульны. Усе стараліся як маглі: хто шчыраваў на раскладушцы, хто круціў педалі на горным. Судзілі ўсё гэта таксама па-людску - у адной дзяўчыны лопнула кола, дык яна данесла да фініша ўсё, што магла адламаць ад свайго веласіпеда (катафот і бардачок) і ў выніку заняла 3 месца.

Жарты велаарыентавання:
Не пужайце закаханых у лесе!
Цішэй едзеш, далей будзеш!
Круці педалі пакуль не далі!

Неафіцыйныя вытрымкі з вынікаў падкачалі, чакайце афіцыйных.

Арыентаванне на лодках

Байдарак не было, таму спаборніцтвы праводзіліся на гумавых лодках, але з вёсламі ад байдарак. Не ўсе змаглі адразу прыстасавацца да тых самых вёсел. Да таго ж, вясло на каманду з 2 чалавек давалі толькі адно, таму некаторыя, каб павялічыць хуткасць лодкі, "веславалі" рукамі. Самае галоўнае было дакладна трымаць азімут, але адначасова трымаць той азімут і веславаць рукамі не ва ўсіх атрымоўвалася. Як не стараліся ўдзельнікі, але перакуліць лодку ні ў кога не атрымалася.

Неафіцыйныя вынікі наступныя:
1. Карконнікаў, Альцеўскі 6.14
2. Якаўкін і Кo 7.35
3. Наталевіч, Трыдзенскі 7.39 і інш.

Спрынт-прыкол

Старт парны, вельмі пажадана, каб пары былі двуполыя. Галоўная ўмова: набраць найбольшую колькасць балаў пасля выканання заданняў на КП. Усе сакрэты выдаваць не буду, бо чытачам, якія ў наступным годзе самі паспрабуюць свае сілы ў гэткім спрынце будзе лепш самім даведацца аб падрабязнасцях ужо на дыстанцыі. Аднак я думаю, што калі назаву толькі назвы пікетаў, арганізатары не вельмі на мяне раззлуюцца. Вось яны, тыя самыя пікеты: "алкаголь пікет"; "разумны пікет"; "пікет для галодных"; "пікет для тых, у каго смага"; "жудасны"; "корч"; "пірс" і "сэкс КП". Прыкольна тут было ўсё без выключэння, але ўсё ж прыкол гэтага году - "корч". Па-першае, Павел Чорны прыкальнуўся нават калі ствараў карту - слова корч ён напісаў з мяккім знакам "корчь". Але, зразумела, гэта не самае галоўнае. Можа, ніхто б і не заўважыў гэтую памылку, каб не выйшаў казус з карчом. Адзін з пікетаў быў корч, там быў кампосцер. Быў, быў, ды сплыў. Як яго ні шукалі, колькі не муцілі ваду арыентыроўшчыкі, анічога яны не знайшлі. Праўда ўсплыла толькі пазней. Напярэдадні там рыбачыў нейкі мужык, а як раз метраў 100 ад гэтага месца праходзіў заплыў падчас арыентавання па-чорнаму. Той мужык раззлаваўся, адарваў кампосцер і спаліў прызму. Не ведаў ён, гаротны, што тым самым зрабіў сабе толькі горш…

Кожная з параў вырабляла ўсялякія хітрыкі, каб набраць паболей балаў, але сярод іх 3 пары былі найхітрэйшымі. Вось (па неафіцыйных звестках) прозвішчы самых самых:

1. Зецева - Смолька 3280
2. Зайцаў - Сакалова 2860
3. Пісарчык - Вашацькова 2320

Лазня

Зразумела, што ніхто тут не праводзіў спаборніцтвы, гэта быў добры адпачынак.

Дыскатэка

Ну як жа без яе. Хто хацеў, той патанчыў, хто не хацеў - паспяваў.

Арыентаванне па целе

Гэта быў апагей начных мерапрыемстваў. Было сапраўднае шоў. Удзельнічалі 2 пары: Зайцаў з дзяўчынай і Кубаркоў з дзяўчынай. Такое шоў лепш пабачыць уласнымі вачыма. Па шматлікім просьбам на наступны дзень быў праведзены фінал. Перамог, як і чакалася, слабы пол.

Інфармацыя аб дыстанцыі па арыентаванню на целе.
Мясцовасць моцна перасечаная, грунт мягкі, маюцца небяспечныя месцы. Дыстанцыя складаецца з 3 КП. Маштаб карты - у 1 см 10 метраў (? - пытальнік рэдактара). Парадак праходу: ў зададзеным накірунку згодна індывідуальнай лягендзе. Форма адзення: невялікая, у фінале мініяцюрная. Карты поўнааб'ёмныя: поўнач - галава, поўдзень - ногі, правая рука - захад, неправая - усход. Перасякаць і падглядваць за раздзяляльную шырму забаронена, акрамя як рукамі. У фінале сустракаюцца пераможцы, якія затрацілі меньш часу на праходжанне дыстанцыі. Пры жэраб'ёўцы судовая калегія скрыжоўвае ўдзельнікаў па параметрах: рост, вага, узбуджальнасць… Супрацоўніцтва і супрацьдзеянне караецца суддзямі……. Старт_порны

Глаўсуд - Чорны; Начдзіст - Трыдзенскі; Глаўсэкс - Зайцаў; (А хто быў інспектакрам - хто правяраў дакладнасць пастаноўкі дыстанцыі? - зноў пытанне рэдактара.)

Проста спрынт

Так проста пачынаўся наступны дзень. Але ад перажыванняў і пераўзбуджэння пасля лазні, дыскатэкі і, асабліва, пасля арыентавання па целе не ўсе выйшлі на старт. А ўзнагароджанню падлягалі 10 мацнейшых:

1. Валодзін К. 37.55
2. Карконнікаў В. 38.04
3. Злобін Д. 38.20
4. Якаўкін І. 38.50
5. Наталевіч С. 39.02
6. Трыдзенскі Г. 39.03
7. Мінчукоў А. 40.40
8. Федарышкін В. 40.42
9. Усманаў Ю. 41.00
10. Важнік 43.05
11. Пятрова 44.01
(так сама неафіцыйна)

Футбол-арыентырынг

На гульнявой пляцоўцы паставілі больш за дзесятак невялічкіх брамаў, а забіваць трэба было толькі ў вароты вызначаныя ў азімутальным маршруце які атрымоўвала кожная каманда. У адной гульні, як звычайна, удзельнічала дзве каманды (часам ім "дапамагаў" сабака). Турнір праходзіў па алімпійскай сістэме. Вылучыліся самыя галасістыя: Зайцаў і Языкоў-страрэйшы. Ім, нешта, усё не падабалася судзейства. Яны патрабавалі, нават, перагуляць усе матчы. На правакацыі суддзі не паддаліся. Па неафіцыйным назіранням, у фінале перамагла каманда Якаўкіна.

Ну вось і усё. Застаецца толькі пажадаць арганізатарам, каб на наступны год на Азімут-шоў прыехала яшчэ больш удзельнікаў, чым сёлета. Да таго ж і самі арганізатары паабяцалі на наступны год новую 150-мятроўку і сапраўдныя медалі для пераможцаў.

Афіцыйныя вынікі патрабуйце ў арганізатараў.

Допіс рэдактара: Думаю сухі тэкст гэтага рэпартажу толькі пачатак цэлага шэрагу вясёлых гісторый і ўспамінаў, якія хутка з'явяца ў гасцёўнай кнізе нашага сайта.

Страница основана 27 февраля 2001г.
admin@obelarus.net