'Belarus
Галоўная | Палажэнне | Інфармацыя | Рэпартаж | Вынікі | Гасцявая
Рэпартаж аб спаборніцтвах

"Адкрыццё сезона"


Замест рэпартажу са спаборніцтваў прапаную артыкул Наталлі Вашацьковай з клуба "БДУ", які быў напісаны ў натхненні ад "Адкрыцця сезона 2002". A.L.

Наталля Вашацькова

Апошнім часам сталі папулярнымі экскурсіі па славутасцях родных краявідаў. Вось і ў аўтара гэтых радкоў у нядзелю 17 сакавіка з'явілася магчымасць паглядзець на Зялёнае ў час спаборніцтваў па спартыўнаму арыентаванню на адкрыцці сезону. Сапраўды, там ёсць што паглядзець.

Перш-наперш звярніце ўвагу на цудоўнае надвор'е (трэба зазначыць, што ў арыенціроўшчыкаў не бывае дрэнных умоў, бываюць экстрымальныя - што яшчэ весялей). Сёння мы маем унікальную магчымасць паглядзець, як на адкрытых месцах спартсмены падстаўляляюць сонцу аголеныя рукі і ногі, а ў цяні на фоне снегу, паціраючы адной рукой насы, другой трымаючы кубак з гарбатай, адначасова пераскокваючы з нагі на нагу, перапранаюца толькі што прыехаўшыя. Павярнуўшы галаву, вы можаце убачыць, як рыхтуеца да старту судзейская калегія: тут і там бегаюць арганізатары з картамі, нумарамі, карткамі удзельнікаў, рознымі паперамі і пратаколамі. Галоўнае не пераблытайце іх з удзельнікамі: інтэнсіўнасць руху апошніх ніжэйшая. Паглядзіце направа: той спартсмен, што стаіць з компасам у руках, пільна ўглядаецца ў карту і вось-вось збіраецца ірвануць з месца - гэта стартуючы. А той, што з чырвоным тварам, з галінкамі ў валасах, з абшарпанымі нагамі і са шматком нейкай паперкі ў руках з захапленнем расказвае пра сваю любоў да паваленых дрэў, ельніку, малінніку і напалову замерзлых лужын - гэта арыенціроўшчык на фінішы.

Звярніце ўвагу на маладых спартсменаў, што бегаюць са скотчам у руках і рэчамі, што першымі трапілі пад руку. Гэта ўдзельнікі, што першымі фінішыравалі, паспелі пераапрануцца і, чакаючы з дыстанцыі сяброў, вырашылі не губляць дарэмна часу, а папрактыкавацца, каб развіць рэакцыю, павялічыць стартавую хуткасць, манеўранасць і палепшыць здольнасць хутчэй пазбаўляцца "хваста" - бліжэйшага праціўніка.

Паглядзіце, калі ласка, уверх, на вяршыню кар'ера. Вы можаце ўбачыць, як святкуецца апошні дзень масленіцы ў лепшых традыцыях арыенціроўшчыкаў. Карагод вакол пудзіла зімы - гэта толькі пачатак рэтуалу. А спробы ўзлезці на вярхаліны соснаў - гэта зноў-такі элемент спаборніцтваў па развіццю спартыўных здольнасцяў. Як правіла, святкаванне завяршаецца падзелам прынесенага харчавання, што суправаджаецца спецыяльна абранымі для гэтага моманту песнямі. Іх у арыенціроўшчыкаў нямераная колькасць.

Абавязкова звярніце ўвагу на працэс збору і ад'езду ў Мінск. Звычайна ён пачынаецца павольна, з жартамі і ажыццяўленнем апошніх прыколаў. А завяршаецца агульным стартам на станцыю з паскарэннем, перашкодамі і пацяжэннем у выглядзе заплечнікаў.

Далейшая экскурсія выходзіць з-за межаў лесу і працягваецца ў электрацягніку, што не змяншае яе цікавасці. Паглядзіце на ўдзельнікаў: стомленыя, але задаволеныя, яны ўвесь час да Мінску гуляюць у "Кракадзіла", "Асацыяцыі" і ў прыдуманыя па ходу гульні.

На гэтым экскурсія завяршаецца. Але, атрымаўшы запрашэнне ад арыенціроўшчыкаў, любы мае магчымасць папрысутнічаць на наступных спаборніцтвах і нават прыняць у іх удзел. Як кажуць, лепш самому ўбачыць і паспрабаваць, чым сядзець дома і знаходзіць гэтаму апраўданне.

Галоўная | Палажэнне | Інфармацыя | Рэпартаж | Вынікі | Гасцявая
Страница основана 27 февраля 2001г.
admin@obelarus.net